Белліт, якому нас не вучылі ў школе

Серыя «Мая беларуская кніга», якая выходзіць у выдавецтве «Папуры» з 2015 года, папоўнілася новымі асобнікамі. Серыя мае трывалую папулярнасць сярод чытачоў, перш за ўсё таму, што дае ўнікальную магчымасць паглядзець на нацыянальных класікаў не праз прызму школьнай літаратуры — знізу ўверх, а так, як глядзелі б мы на сучаснікаў — твар у твар. У серыі сапраўды сабрана самае лепшае — актуальнае, пазачасавае, вечнае.

Спробы па-новаму пабачыць беларускіх пісьменнікаў, актуалізаваць іх творчасць — сёння з’ява досыць распаўсюджаная. Вось нядаўна пісьменнік Ігар Палякоў задаў пытанне: «Хто быў першым майстрам стэнд-апу на Беларусі?» І сам жа на яго адказаў: «Якуб Колас. Калі ён вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, то выступаў на мясцовых пляцоўках з кароткімі смешнымі апавяданнямі». Сапраўды, Якуб Колас — заўсёды быў майстрам кароткага апавядання. Яго найлепшыя творы вылучаюцца лаканічнасцю, выразным сюжэтам і, безумоўна, гумарам, уменнем паглядзець абсалютна на любую з’яву са смешнага боку.

Разам з тым, мы ведаем Коласа не толькі як чалавека, які ўмеў падкрэсліць камічныя моманты жыцця, але і як пісьменніка, схільнага глядзець на жыццё рэалістычна, са скепсісам, іроніяй, дзе-калі песімізмам. Вось гэтая ўзважанасць — камічнага і трагічнага, аптымістычнага і песімістычнага — і ёсць прыкмета сапраўднага філасофскага светагляду. Разгарніце коласаўскія «Казкі жыцця»…

колас--«Лепш быць нешчаслівым, але відушчым, чымсі шчаслівым, але сляпым». («Чыя праўда?») Слепатой, дарэчы, Колас называе тут няведанне спрадвечных законаў жыцця…

Ці вось іншая казка… «Стары лес»: «На свеце часта бывае так, што самая простая справа, самая ясная праўда пазнаецца цаной вялікай пакуты — надта цяжкая дарога прыводзіць да пазнання…»

А ў казцы «Што лепей?» Колас разважае: «Хто ведае, можа, гэты сум, гэтая туга — адвечныя спадарожнікі тых, хто многа разважае, хто жыве адзін з сабой, а можа, і праўда — такое ўсё жыццё, што не дае задавальнення…»

Чытаючы развагі Коласа-філосафа, разумееш, што такія казкі не пішуцца для дзяцей… Тады для каго? Для падлеткаў, каб папярэдзіць іх, што жыццёвая гармонія трымаецца не толькі на суцэльнай радасці. Для людзей сталага веку — каб разумелі, што колаварот жыцця рухаецца з непазбежнай наканаванасцю. Нараджэнне, росквіт, сталасць, смерць, новае жыццё… Свет жыве ў бясконцым паўторы!

Вясёлае і сумнае, святло і змрок… Гэтыя супярэчнасці паўтараюцца не толькі ў жыцці, але і ў адным чалавеку…. Больш таго, існуе такое паняцце, як эмацыйныя арэлі. Як вядома, арэлі з аднолькавай амплітудай разгойдваюцца ў два бакі. Так і чалавечы настрой разгойдваецца — колькі ў нас светлага, вясёлага, сонечнага, столькі і сумнага, змрочнага, дэпрэсіўнага. Часта можна пачуць пра самагубцаў, якія пайшлі з жыцця пры загадкавых абставінах, што вось, маўляў, не верыцца, што чалавек зрабіў гэта добраахвотна, — ён жа так любіў жыццё! Але здатнасць да моцных пачуццяў не мае знаку — натура тонкая, датклівая ўсё ўспрымае аднолькава ярка, востра, глыбока!купала--

Гэта добра разумееш, калі чытаеш вершы Янкі Купалы. Старонка за старонкай, верш за вершам… І паўстае перад чытачом не толькі творца, але і асоба — ранімая, схільная бачыць пераважна змрочны бок жыцця, не даваць веры ні сабе, ні людзям. Каб юнацтва Купалы прыпала на канец дваццатага стагоддзя, то з яго атрымаўся б класічны «гот», схільны да негатыўнага ўспрымання свету, рамантыка-дэпрэсіўнага погляду на жыццё. Мала хто дадумваецца ў дваццаць чатыры гады напісаць, як Купала, уласную эпітафію: «Тут ляжыць Янук Купала, // Што песні складаў, // Плакаў шмат, смяяўся мала, // Часта галадаў… // Без зямлі ўвесь век цягаўся // Горш якой скаціны, // Вось нарэшце дачакаўся — // Далі тры аршыны. // Надпіс гэты хто прымеце, // Хай Бога папросе, // Каб яму хоць на тым свеце // Лепш, як тут, жылося».
Замкнёнасць, меланхолія, мізантропія — тое, што вылучае творы Янкі Купалы на працягу ўсяго жыцця. У вершы «З людзьмі» паэт скардзіцца: «Трудна, крыўдна жыць на свеце // Між нячулымі людзьмі, // Не раз вочы маладыя // Заліваюцца слязьмі», а ў «Разладзе» ўдакладняе: «Куды ні глянеш — людзі, людзі, // Куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы…» Праблемы ў стасунках з грамадствам (непрыманне стэрэатыпаў, стандартаў паводзін), вытанчанае пачуццё прыгожага, прыхільнасць да звышнатуральнага — ну чым не прадстаўнік гатычнай субкультуры, дзе адной з характэрных рыс з’яўляецца асаблівае, паўрамантычнае ўспрыманне смерці? «У гэткай хвілі цяжкай, труднай // Нямілым робіцца жыццё, // Пракляў бы свет, і быт, і долю, // Усё б на лес сухі паслаў, // І даў бы думам спаць уволю // І сам бы спаў, навекі спаў».

ожешко--Мы прывыклі думаць пра беларускіх класікаў, як пра «паноў сахі і касы», але ж насамрэч у жыцці ім былі ўласцівыя і арыстакратызм, і тонкасць адчуванняў, і глыбокі псіхалагізм.

Менавіта псіхалагізмам, уменнем разбірацца ў чалавечых паводзінах, верай у сілу дабрыні і моц кахання вылучалася, напрыклад, проза Элізы Ажэшкі, чый раман «Хам» — гімн сапраўдным пачуццям. Пісьменніца верыць у каханне, якое жыве насуперак учынкам, абставінам і нават логіцы: «Ёсць на свеце чалавечыя натуры, глыбейшыя за любы калодзеж, і калі аднойчы ўпадзе ў іх кветка кахання, дык ніякія бурныя хвалі не выкінуць яе назад, ніякая крыўда не прымусіць чалавека абразіць гэта каханне скаргай, выказанай уголас…»

Ажэшка пісала свае творы па-польску, але ўсё жыццё пражыла на Беларусі. У свой час яна была вельмі папулярнай, прычым настолькі, што магла стаць першым беларускім набеліятам!

Як вядома, у 1904 годзе па прапанове прафесара Берлінскага ўніверсітэта Ажэшка была намінавана на Нобелеўскую прэмію. Члены Нобелеўскага камітэта высока ацанілі яе пісьменніцкі талент. У адным з дакументаў камітэта напісана: «Наколькі ў тэкстах Сянкевіча б’ецца шляхетнае польскае сэрца, настолькі ў творчасці Элізы Ажэшкі б’ецца сэрца чалавека». Але большасць членаў камітэта прагаласавала за Генрыка Сянкевіча, а некаторыя прапанавалі падзяліць прэмію. Пазней, у 1909 годзе Ажэшку зноў намінавалі на Нобелеўскую прэмію, але гэтым разам узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф.

…У кожнага з нас са школьнай лаўкі склаўся свой вобраз роднай літаратуры. Не заўсёды ён прыязны, станоўчы, але ніколі не позна яго змяніць, пазнаёміцца з творамі класікаў не пад пільным настаўніцкім поглядам, а самастойна, выбіраючы творы сабе па гусце і настроі.

Ганна КІСЛІЦЫНА     Звязда 23.01.17

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *