ЧАМУ ПІПІ, А НЕ ПЭПІ?

У 2020-м адзначалася 75-годдзе самай знакамітай дзяўчынкі на свеце – Піпі Доўгай Панчохі. Да юбілею выдавецтва «Папуры» падрыхтавала новыя пераклады трох гісторый пра Піпі з класічнымі ілюстрацыямі Інгрыд Ванг Нюман.

Піпі
Фота Кацярына Сперанская

Многія ўпершыню пазнаёміліся з гераіняй Астрыд Ліндгрэн дзякуючы перакладам на рускую мову выдатнай перакладчыцы Ліліяны Лунгіной. Яна палічыла, што «Піпі» на рускай мове гучыць крыху смешна і «Пеппи» больш пасуе рускамоўнаму чытачу.

Ліліяна Лунгіна нават раілася наконт замены імя з Астрыд Ліндгрэн. Яна вырашыла зрабіць такую вольнасць, яе права. І менавіта гэтае імя замацавалася ў рускамоўнай прасторы.

На падставе перакладаў Лунгіной рабіліся агучкі серыяла і мультфільма пра Піпі і пісаліся сцэнары савецкага двухсерыйнага фільма.

Аднак, як правіла, ўсё ж імёны персанажаў не перакладаюцца. Па-беларуску ўпершыню кніга пра Піпі выйшла ў 2010 годзе ў перакладзе Дзмітрыя Плакса і называлася «Піпі Доўгаяпанчоха».

Для выдавецтва «Папуры» кнігі перакладае таленавітая перакладчыца Алена Казлова. Яна таксама палічыла, што мы не мусім змяняць імя гераіні толькі таму, што на рускай мове калісьці яе назвалі «Пеппи».

На розных мовах імя гераіні гучыць так:

Pippi Longstocking — англійская

Pippi Pończoszanka — польская

Пипи Дългото чорапче — балгарская

Пеппі Довгапанчоха — украінская

Pippi Calzaslargas — іспанская

піпі
Фота Кацярына Сперанская